тая епархія была заснавала каля 1000 году. Тое-ж самае кажа і другі польскі гісторык Стэбэльскі.
Словам, Хрысьціянства, паявіўшыся масава ў Полацку, як у галоўным горадзе беларускай зямлі, хутка пашырылася і на ўсе беларускія землі. Паявілася яно хутка ў Смаленску, так-жа зямлі крывічанскай, у Тураве, зямлі Дрыгавічоў, і ў інш., дзе закладаліся епіскапскія катэдры.
У ст. XI—XII уся беларуская зямля былапакрыта хрысьціянскімі сьвятынямі, а так-жа і манастырамі, з якіх выходзілі сьвятыя людзі, што Беларусі пасьвячалі сябе цалком і праславіліся на ўсе вякі. З гэткіх былі прадусім: Кірыл Тураўскі, Параска, беларуская сьвятая князёўна Афрасіньня Полацкая.
Сьв. Афрасіньня, будучы сьвецкай, называлася Прадславай. Была яна праўнучкай Уладзімера сьв., унучкай полацкага князя Усеслава Брачыславіча († 1101) і дачкой малодшага з сыноў гэтага апошняга, Юрага-Сьвятаслава. Яшчэ будучы малой, яна выказвала вялікі нахіл да глыбейшага хрысьціянскага жыцьця, да сьвятасьці, да навукі. Але бацькі яе аднак ужо мяркавалі аб яе замужастве. І вось калі яна аб гэтым даведалася, тайком пакінула бацькаўскі дом і пайшла ў манастыр, дзе прабывала законніцай яе родная цётка, жонка князя Рамана Усеславіча, і тут сталася манахіняй пад імем Афрасіньні.