вале Ўладзімеру няраз кажа, што ён «хрысьціў усю рускую зямлю ад канца да канца… усю зямлю рускую і ўсе гарады ўбраў сьвятымі цэрквамі»… Рускай-жа зямлёй, як ведаем, называлі ўсе тыя ўсходня-славянскія землі, дзе былі князі з племя вараскага Русь. А з гэтага-ж племя былі і князі беларускія полацкія, за часаў якіх хрысьцілася Беларусь. З летапісу відаць, што Ўладзімер ня толькі пасылаў усюды епіскапаў і сьвяшчэньнікаў, каб хрысьціць народ, але і сам асабіста часта езьдзіў з епіскапамі дзеля падтрыманьня Эвангельскай праўды. Пасьля ахрышчэньня ўсіх рускіх зямель, як кажа летапісец, Уладзімер яшчэ жыў 25 гадоў. А знача — меў яшчэ дастатачна часу, каб усе гэтыя землі сапраўды прывесьці да Хрыста. Такім чынам няма сумніву, што яшчэ пры Ўладзімеру ў Полацку ўцьвярдзілася Хрысьціянства, а беларускі князь Ізяслаў, якога летапісцы хваляць за «благочестіе», быў галоўным дзеячом у гэтай сьвятой справе. У гэтым-жа часе ўцьвярдзілася Хрысьціянства і па ўсей беларускай зямлі.
Але калі-ж тут паўстала епіскапства? Летапіс першага з полацкіх епіскапаў успамінае Міна, пасьвячанага ў 1105 г. Але маўчаньне летапісаў аб полацкіх ранейшых епіскапах, быўшых прад Мінай, не даказвае, што іх ня было. Паводле «Книги Степенной», мітрапаліт Леонці ўстанавіў 6 епархіяў, у ліку якіх, праўда, по-