гэта добра, рашыўся на вялікі гістарычны шаг, — на прыняцьце Хрысьціянства.
За часаў Уладзімера, як мы ўспомнілі, асабліва ў Кіеве, ужо было нямала хрысьціян сярод вышэйшага асьвечанага слою грамадзянства. Многія мелі з іх нагоду пазнаць і прыняць Хрысьціянства ці ў Царгорадзе (Візанцыя) у усходнім, грэцкім абрадзе, ці ў Швэцыі (адкуль пераважна паходзілі першыя князі: варага-русы), дзе шырылася тады Хрысьціянства ў лацінскім абрадзе, а так-жа многія, асабліва купцы, прымалі Хрысьціянства лацінскае ў Зах. Эўропе. А гэтыя хрысьціяне не аставаліся без свайго духавенства, яны мелі пры сабе і сваіх сьвяшчэньнікаў, як грэцкага, так і лацінскага абраду, а так-жа абраду славянскага, з Баўгарыі — пасьля таго, як там завялі Хрысьціянства сьв. сьв. Кірыл і Мяфод. І сам Уладзімер меў за жонку баўгарыню і чэшку, так-жа хрысьціянкі, з якімі былі іх духоўнікі. Ад жонкі баўгарыні былі ў іх сыны: Барыс і Глеб, сьвятыя мучанікі за хрысьціянскую веру. Такім чынам Уладзімеру аставалася толькі бліжэй зацікавіцца гэтай справай і рашыцца на прыняцьце Хрысьціянства. І гэта сталася: сьпярша ў Кіеве каля 987 г. ахрысьціўся ён сам, а пасьля прыступіў да хрышчэньня ўсяго народу.
Паўстала толькі пытаньне, ад каго і ў якім абрадзе прыняць і пашыраць Хрысьціянства?