спада ўва ўсіх языках. І апостал Павал — гэтая труба Госпадава — нам паказвае, што кожны язык няхай славіць Госпада нашага Ісуса Хрыста на славу Айца. І ў першым пасланьні да Карынчыкаў ён даволі нас павучае, каб мы, гаворачы рознымі языкамі, тварылі Хрыстовую Цэркву. І сусім непраціўна, ні веры ні навуцы Хрыста, калі будзе ў гэтым-жа славянскім языку чытацца і аб’ясьняцца сьвятое Пісаньне Старога і Новага Завету, належна пераложанае і вытлумачанае, адпраўляцца літургія ці іншае набажэнства, бо хто стварыў тры першыя языкі: юдэйскі, грэцкі і лацінскі, той стварыў і ўсе іншыя для большай славы сваей».
Цяпер ясна, што сьвятло Хрыстовай навукі дасталося да беларускіх плямёнаў праз Грэкаў з Візанцыі, а прадусім праз паўдзённых славян, у IX—X ст. дзякуючы працы славянскіх апосталаў сьвятых Кірыла і Мяфода. Яны, выдумаўшы, ці толькі паправіўшы ўжо існуючы альфабэт для славянскага пісьменства, пералажыўшы сьв. Пісаньне і літургічныя кнігі на славянскую мову, гэтым палажылі моцныя асновы для пашырэньня Хрысьціянства і агулам прасьветы па ўсіх славянскіх землях.
Мова, у якой сьв. апосталы тлумачылі сьвятыя кнігі, завецца царкоўна-славянскай. Гэта дзеля таго, што яна з часам сталася мовай памёршай і агранічылася толькі да ўжываньня ў літургіі, якая і сяньня ўжываецца ў рэлігій-