з паўночнымі яе прытокамі па Бабруйск, Менск, Наваградак, Горадню. Вось з гэтых галоўных трох беларускіх плямёнаў утварыўся беларускі народ. У склад беларускага народу ўвайшлі яшчэ, прынамсі часткова, так-жа северане, што жылі па рацэ Дзясьне (часьць Чарнігаўшчыны) і вяцічы, што жылі ў вярху ракі Акі.
Асяданьне славянскіх плямёнаў, продкаў успомненых народаў, а так-жа ўкраінскага, беларускага і расейскага, на тых землях, на якіх яны сядзяць і сяньня, адбывалася на працягу пару вякоў — ад VII да IX ст. За гэтых пару сот гадоў наступіла дыфэрэнцыяцыя адзінага славянскага племені. Сутнасьць гэтай дыфэрэнцыяцыі ў тым, што гэтае, некалі адно славянскае племя, распалася на славян заходніх, усходніх і паўдзённых і што гэты працэс дыфэрэнцыяцыі прадаўжаўся і далей. Сярод усходніх славянаў сваім парадкам адбываецца гэны працэс і паяўляецца цэлы рад асобных славянска-«рускіх» плямён, з якіх паўстаюць тры асобныя народы на сучаснай беларускай, украінскай і вялікарускай тэрыторыі. Разсяленьне гэта аканчальна ўцьвярдзілася ў IX ст. У гэтым часе, ад IX да XIII ст., на сучасных беларускіх этнографічных землях былі ўжо настала асеўшы славянскія сваяцкія плямёны: крывічы, дрыгавічы, радзімічы, часьць северан і часьць вяцічоў, якія зьліліся ў адзін народ, што пазьней стаўся звацца беларускім.