Пачнём ад Уніі, якая ў сваей прынцыповай ідэі іменна і носіць гэну сынтэзу.
У рэлігійным жыцьці беларускага народу спатыкаем сапраўды дзіўнае і сумнае зьявішча: адзін і той самы народ верыць у аднаго і таго самага Хрыста Спаса свайго і ў яго навуку, але верыць і славіць яго неаднолькава, розным спосабам. Адзін і той самы народ беларускі ў жыцьці сваім рэлігійным раздвоены на праваслаўных і каталікоў, якія інакш завуць свае сьвятыні — адны кажуць царква, а другія касьцёл, — якія службу Божую маюць у розных мовах — адны ў стараславянскай, а другія ў лацінскай, якія слова Божага і звычайнай гутаркі іх духавенства слухаюць так-жа ў розных і да таго ў чужых мовах: адны ў расейскай, а другія ў польскай, якія ўрэшце падзелены так-жа часткова й верай: — для адных — не вылічаючы ўсіх розніцаў — Рымская Епіскапская Сталіца — гэта з волі Хрыста Галава сусьветнага Хрысьціянства, гэта найвышэйшая ўлада сьв. Цэрквы ягонай, а для другіх усё гэта такога вялікага значэньня ня мае.
І вось-жа, калі-б у беларускім народзе падзел гэты быў толькі вонкавы, толькі ў самым абрадзе службы Божай, дык гэта было-б яшчэ нічога. Але, як бачым, падзел гэны нашага народу ўнутраны, духовы — чужая мова па за літургіяй у рэлігійным жыцьці народу і розныя