што ў езуіцкіх школах вучылі мовы народнай, што ў гэтай мове пяялі рэлігійныя гымны й што сярод беларускага народу па касьцёлах карысталіся мовай беларускай.
У Віленскай Езуіцкай Академіі, як відаць з апісаньня 1645 г. езуітам у Вільні жыцьця й сьмерці сьв. Ёзафата, вучылі мовы беларускай.
Існавалі ўжо катэхізмоўкі, як падручнікі для навучаньня каталіцкай рэлігіі пабеларуску. І так у 1585 г. у Вільні быў выданы катэхізм, пераложаны з лацінскай на беларускую мову. Езуіт Поссэвін, які ў Беларусі й у Расеі працаваў над спалучэньнем Праваслаўя з Катацкім Касьцёлам, у 1587 г. пісаў да Папежа, што абавязкава трэба ператлумачыць рэлігійныя кнігі на родную мову народу, аб выданьні каторых ён сам будзе старацца ў Вільні. Вось-жа, відаць, успомнены катэхізм і быў надрукаваны, як вынік захадаў Поссэвіна й празначаны як для абслугі Беларусаў каталікоў, так і для пашырэньня Каталіцтва сярод праваслаўных. Катэхізм гэты пісаны кірыліцай.
У XVI ст., з невялікімі выняткамі, блізу ўсе вышэйшыя пасады ў каталіцкім (лацінскім) Касьцеле ў нашым краі (у Віленскай дыэцэзіі) пераважна займалі Беларусы й Літоўцы. Ад пачатку існаваньня ў нас Касьцёла аж да XVII ст. усіх каталіцкіх біскупаў у Вільні было 18 чалавек; з іх: першы, трэці й чацьверты — Палякі, а рэшта Літоўцы й Беларусы.