Расейскія палітыкі спасьцерагліся і, жадаючы да сябе прыгарнуць Беларусаў уніятаў, стараліся пераходу іх у лацінства проціўставіцца. Так напр. у 1796, 1797 і 1799 г. былі выданы царскія ўказы, забараняючыя пераходзіць з уніі ў лацінства. Але нічога гэта не памагала й Палякі уніятаў Беларусаў цэлымі масамі пераводзілі далей у лацінства. У 1806 г. быў так-жа выданы царскі указ, каб тыя ўсе цэрквы й прыходы, якія з уніі перайшлі ў лацінства, узноў вярнуць у унію. Адбываліся доўгалетнія вялікія судовыя працэсы й нічога з гэтага ня выходзіла: ня толькі што не варочаліся быўшыя ўніяты ў унію, але далей у лацінства пераходзілі цэлыя прыходы з усіх беларускіх губэрняў. Так напр. у 1809 г. у вадней толькі Віленскай губэрні з уніі ў лацінства перайшло да 20 тысяч Беларусаў.
Нямала так-жа, а можа найбольш як калі, уцякала Беларусаў уніятаў у лацінства ў 1839 г., калі вышэйшае ўніяцкае духавенства, здрадзіўшы Унію, ня пытаючыся верных, часта пры помачы паліцыі, перапісвала іх у Праваслаўе. Ня хочачы быць сілай запісанымі ў Праваслаўе, яны масава ўцякалі ў лацінскае Каталіцтва.
Урэшце за часаў першых у нашым краю расейскіх генерал-губэрнатараў, жывучых у Вільні, асабліва-ж ведамага з сваей жорсткасьці М. Н. Мураўёва, цэлыя масы быўшых уніятаў з Праваслаўя ўцякалі ў лацінства. Да гэтага часу ад-