Перайсці да зместу

Старонка:Хрысьціянства і беларускі народ (1940).pdf/126

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

рускага, якога фрагмэнты ўсьцяж у Беларусі аставаліся. Гэтае праваслаўе агулам было ўжо тым, чым фактычна ў Беларусі было й польскае лацінскае каталіцтва.

І як ня дзіўна, — і ў гэтай цёмнай беларускай пустыні зоркай праводнай, што крыху сьвяціла ў цемры, была… уніяцкая цэрква.

Беларуская культура ў пач. ХІХ ст. мела яшчэ, хоць праўда незавіднае, але пэўнае прыпынішча ў зацішшы ўбогай, як і сам народ, уніяцкай цэрквы. Культура гэта нават у той час, калі унія ўжо была сполёнізаваная, усё-ж яшчэ апіралася на тэй-жа уніі, падтрымлівалася яе традыцыяй, падтрымлівалася яшчэ запасамі сіл даўнай яе мінуўшчыны, бо унія вякамі тварыла беларускую культуру ў форме кніг літургічных, малітаўнікаў, трэбнікаў, кніг зьместу рэлігійнага й агулам прасьветнага. Унія ў гэным часе на нашых землях — гэта была сапраўды адзіная апора беларускай культуры, бо яна адна адзіная была зьвязана арганічна з народам і з патрэбамі яго душы, адна адзіная гэтай душы як магла і чым магла служыла. Усё-ж іншае тады было пастаўлена проціў гэтага народу. Гуляла паншчына на беларускіх землях і адбывалася між Палякамі й Маскоўцамі барацьба за душу беларускую. І толькі аж на дне свайго ўпадку душа Беларуса, паддзержавана крыху Уніяй, трымалася пры жыцьці, ня трацячы ніколі надзеі на лепшыя часы, на сваё адраджэньне.