пастырскі ліст да духавенства й верных сваей мітраполіі, у якім абвяшчае аб уніі й заклікае да яе духавенства й народ, а так-жа заклікае хрысьціян лаціньнікаў да любові ўсходніх братоў сваіх.
Адразу Сідар прыбыў у Маскву, але тут аднак згоды на унію не атрымаў ды й сам быў арыштаваны й пасаджаны ў манастыр. Пасьля гэтага маскоўскі цар Базыль на маскоўскага мітрапаліта сам назначыў нейкага Ёну. Ад гэтага часу маскоўская цэрква назаўсёды была аддзелена ад мітраполіі кіеўскай, а знача й ад цэрквы беларускай і украінскай у Вялікім Князьстве Літоўскім.
Сідар тымчасам патрапіў жывым уцячы з маскоўскага манастыра й прыбыў у Кіеў, каб тут прыступіць да пашыраньня уніі ўжо ўва ўсей беларуска-літоўска-украінскай дзяржаве. Вось-жа ў кіеўскай мітраполіі, за малымі выняткамі, справа уніі была прызнана, а такім чынам, рэч ясная, унія была прызнана й цэрквай беларускай, якая гэтак узноў вярнулася да Хрысьціянскай еднасьці.
Нажаль, Сідар дзеля бліжэй няведамых прычын у Кіеве доўга не аставаўся й ад’ехаў у Рым у 1443 г., дзе ў 1463 г. памёр. На яго месца прышоў Рыгор, які кіраваў цэрквай беларускай і украінскай на працягу 30 гадоў і які за гэты час нямала папрацаваў для уніі, якая тут ужо была даволі глыбокія пусьціўшы карэньні.