Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/98

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

«Пудоў сем будзе. Прадам яго, яшчэ адтуль-адсюль наскрабу трохі і дам задатак».

Уяўленьне малявала вялізны, пакрыты густой зеленьню збожжа, кавалак зямлі. Халімон прыжмурыў вочы, — хацелася адразу і адным поглядам абняць цэлую валоку.

«І будынкі туды перавязе. Хата і вакол зямля, уся пад бокам…»

Вуліцай ішоў сусед, з якім ён быў у горадзе. Захацелася пагаварыць з ім.

— Хадзі ў цянёк!

— Да ўжо-ж!

— А я вось сяджу і думаю, як цяжка нам жыць і як зайздросна на другіх глядзець, — хоць-бы ўзяць гарадзкіх…

— А я і не зайздрошчу, — чорт іх бяры!..

Халімону сусед патрэбен быў, каб мець слухача. Самому-ж хацелася разважаць і карцела, каб хто-небудзь чуў гэтыя разважаньні і згаджаўся з імі.

— Я так думаю. Каб мець валок дзьве зямлі, дык патроху мо’ і разжыўся-б… Тады ў горадзе плян купляй, хоць маленькі, хай толькі хата ды дворык, — а ўсё лепш жыў-бы. Адчыніў-бы, напрыклад, заежджы двор. І ні табе цяжка, ні табе горача, ні табе дождж. Усё пад рукамі. Дзень пражыў і лічы грошы. Залатоўку схавай кожны дзень, дык і то вунь колькі зьбярэш!