гэты пачаў перавозіць ужо хлявы і гумны. У Лядах ужо ляжала бярвеньне Іванчыкава, Кандратава, Саўкава. Чакаў хутар і на Якава; там чакаў; а тут ня пускала: кабыла на гвозд ногу прабіла, кульгае, няма як запрэгчы.
Думаў летам пераедзе, як кабыла паправіцца, аж…
Позным ліпеньскім вечарам прынёс з воласьці стараста загад, а яшчэ праз колькі дзён разам з другімі «ратнікамі» і «апалчэнцамі» Якаў зьнік у няведамай далі за станцыяй — тупым грукатам колаў разьвітаўся цягнік з кучай заплаканых баб. Пад самае раньне прыехала з гораду Хадося і, распрогшы кабылу за хлявом, на бервяне доўга цапіху чмыхала, уздрыгваючы плячыма, сморкала ў фартух, закрывала твар.
∗
Восень.
Сумна.
Голае неўзаранае поле. Дзе-ні-дзе ў полі хата, хлявы, гумно — двор цэлы таго, хто пасьпеў перабрацца. Найчасьцей-жа адна хатка ці хлеў, а то проста толькі бярвеньне, зьвезенае ў кучу ад раскіданага будынку, змоклае, пасінелае… А за Лядамі, на банеўскім полі, як мурашкі, капошацца людзі, бесьперастанку езьдзяць падводы то з бярвеньнем, то з пяском, то ўлегцы.
Акопы капаюць.
Цэлыя дні, ужо цэлае лета, сышоўшыся з усіх суседніх вёсак, з усяго павету, людзі доўбнямі заганяюць у зямлю хваёвыя калы, аблытваюць іх дротам калю-