А ён пацягнуў раней. Яму боязна стала, што другія выцягнуць лепшыя нумары і, апынуўшыся ля ганку, яго рука неяк сама датыркнулася да шапкі і залезла ў самае яе нутро. У шапцы пальцы доўга перабіралі маленькія паперкі і хацелі намацаць нешта такое, каб адчуць — куды гэты нумар… Але з-заду пачалі лаяцца, што ён надта доўга цягне, — прыйшлося адразу выняць руку з нумарам. Нумар быў у «Ляды».
Вечарам ведалі ўсе ўжо, што Мікалай «Галуза» пойдзе ў «Селішчы», Кузьма «Верасаў» — на «Адмену», Максім «Тамашоў» — у «Кунаведзь», а Якаў «Патупчык» — у «Ляды».
Калі Якаў з гразкае вуліцы ступіў на такі самы гразкі двор і на яго праз акно ўпала з комінка міргаючае сьвятло, нейкая цяплыня агарнула цела і нават нізкая крывая хатка здалася прыгожай, а бульба ў шалупінах з сольлю — найсмачнейшай стравай.
Ці-ж дзіва? Ляды! Хутарок у Лядах! Гэта-ж самае лепшае поле, гной адзін; чыстыя, роўныя, расьцярэбленыя паплавы, і недалёка перабірацца. Гуляючы, жыць будзе.
Прыйшоў, моўчкі сеў ля стала і, лупячы бульбу, паглядаў на жонку; потым не сьцярпеў.
— Гу… Не заўсёды-ж і дрэнна жыць, бог дасьць і лепш пажывем, у багацьці, у сыці, а?..
— Чаго гэта ты, напіўся ці што?
— А калі-б і выпіў, дык што, а? Гэта-ж сьвята!
— Якое ў цябе сьвята?