Ёсьць такія, што і старога ім шкода, і новага, лепшага хочацца, яны хочуць прымірыць новае са старым. Такія людзі ў нашы часы гінуць задарма, нічога не зрабіўшы для новага жыцьця, яны толькі перашкаджаюць тым, хто з новым. Ёсьць багата такіх расьціснутых, іх цісьне з двох бакоў, і расьцірае… Жэня, мне здаецца, яшчэ ня зусім пагрузла ў старое. Калі яшчэ ня позна, трэба выцягнуць яе адтуль. Няхай ідзе ў наш кацёл, за год выварым усё нягоднае! Любай дзеўкай стане.
Надзя слухала-б Ганку без канца, добра ёй на душы ад слоў Ганкі і яшчэ больш шкода робіцца Жэні.
— Яна пойдзе з намі. Ведаеш, бывае ў чалавека такі момант, калі ён стаіць на раздарожжы, калі яшчэ не абраў сабе цьвёрдай дарогі, не наважыўся, куды пайсьці. У такі момант патрэбен толькі маленькі штуршок, і чалавек пойдзе, куды яго штурхануць. Вось і з Жэняй так. Яна цяпер на раздарожжы. Трэба толькі пайсьці, узяць за руку і павесьці, — яна пойдзе да нас ужо назаўсёды.
У гаворцы неўзаметку прайшлі гадзіны кароткае летняе ночы. У пакоі з двара паглядала ўжэ шэрае раньне. Праз шчыліны між шыб аконных і рам сыплецца ў пакой дробным белым пясочкам сьвятло і чым болей сыплецца яго, тым сьвятлей у пакоі.
— Як хутка разьвіднівае.
— Хутка. Толькі-што зусім, зусім было цёмна, на зямлі панавала яшчэ ноч, а зараз дзень нібы паглынуў