Сярдзітае жыцьцё ў горадзе, цяжкае, ня любіць слабых горад, — завалачэ, расплюшчыць, сьціснуўшы ў каменных грамадах сваіх. Кожнага сьцісьне, зробіць напружаным жыцьцё кожнага.
А вуліца рабілася цямнейшай, і здавалася, што з-за кожнага рогу дому, з-за кожнае брамы выглядае нехта страшны, злосны, мерыцца схапіць кожнага, хто забрыдзе туды.
Вярнулася ў сад. Сядзела на лаўцы, абапёршыся на свой неадлучны клунак з харчамі, адзежай і пасьцеляю. Стомленасьць і позьні час спараджалі жаданьне легчы, выпрастацца і моцна заснуць.
Драмала… Угары над галавою ціха-ціха шапацела лісьцё дрэў, поўзаў ціхі, роўны гул. І здавалася Надзі, што сядзіць яна ў сябе дома, у лесе за каровамі і слухае, як гамоніць луг, як ласкава ёй шэпчуць лісьцём алешыны пра радасьць дальнюю. Шэпт лісьцёвы і гул ціхі, роўны спараджалі спакой, давалі магчымасьць і думаць, успамінаць.
Успамінае Надзя…
Быў дзень, была хмурая восень…
Было… але толькі, як сон…
Старыя высокія алешыны хісталіся верхавінамі пазалочанымі, адпявалі вясну сваю — сьпявалі пра тое, як убіраліся ўвесну зялёнай вопраткай, як красавалі летам, а сьветлая пазалота ўжо казала аб надыходзячай сьмерці.