Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/49

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пісьменная дзяўчына. Я настаўніцам бялізну мыла, грады палола, каб толькі вучыцца. У сэмінарыю ня прынялі, малакроўная я была. Зараз я надумала сваё ўзяць, за мяне ячэйка, ячэйка паслала, грошай на дарогу ячэйка сабрала, каб вучылася я, а не назад ехала. Бацькоў, усяго адцуралася з-за гэтага… Зараз нічога ня маю, ні грошай, ні кватэры і назад не паеду.

Слухаў, углядаўся ў яе. Ківаў галавою.

— Ну, добра, добра. Мы ўсё магчымае зробім, хоць позна, вельмі позна ўжо. Зробім як-небудзь. Я параюся з прэзыдыумам, зайдзеце праз дзень, пакуль я дагаваруся.

Словы — «мы ўсё магчымае зробім» — спарадзілі ўпэўненасьць. Вечарам хадзіла радаснай.

«Немагчымага няма нічога. Усё можа зрабіць чалавек, калі захоча, усяго можа дасягнуць».

Думала гэтак Надзя і не магла ўявіць сабе, што едзе дадому, ня прынята ў рабфак.

Прайшоў цэлы дзень яшчэ. У другі раз прыйшла ў сад на знаёмую лаўку. Перамагаў сон, але спаць легчы пакуль нельга было, бо ў садзе было багата людзей, а ночы ў садзе, на лаўцы, доўгія, марудныя…

Пайшла па вуліцы. Ідучы, хацела адгадаць сваё заўтрашняе, забыцца на мінулае, на сёньнешняе. На вуліцы было цёмна, мала людзей. Вялізныя дамы, аблезлыя, задрыпаныя, глядзелі на вуліцу пабітымі вокнамі. Холадам веяла і жудасьцю ад аблезлых высокіх сьцен. Страшна рабілася, калі ўяўляла сябе адну ў горадзе.