Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/47

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Надзя чула гэтыя словы, і крыўда вялікая поўніла сэрца. У галаве пасьпявала думка.

«Устану, апрануся і пайду адсюль, мо’ знайду дзе начаваць».

А як напілася гарбаты, Надзя узьдзела на руку клунак.

— Навошта ты бярэш яго? Хай ляжыць, начаваць-жа тут усёроўна будзем.

— Не, я да знаёмых студэнтаў зайду (зманіла). Дзякую за кватэру.

Зноў гаспадыня падала пальцы пры разьвітаньні. Жэня выйшла правесьці.

— Навошта ты клунак узяла? З ім будзеш хадзіць?

— Нічога. Я адразу да знаёмых. У вас нельга начаваць, навошта турбаваць цётку.

— А якія такія гэта турботы? Хата цэла будзе. Ці мала ў нас дома людзей начуе? Прыходзь і жыві.

— Гэта дома, а ў горадзе людзі ня тыя, цесна тут. Я ў знаёмых студэнтаў пераначую, пакуль інтэрнат дадуць. Падзякуй цётцы за кватэру, а то ня было-б дзе прытуліцца ноччу.

У канцылярыі рабфаку Надзі сказалі:

— Вы надта спазьніліся, усе месцы запоўнены. Але схадзеце да дэкана рабфаку, да профэсара, пагаварэце з ім.