Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/46

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

сэрца сьціснулася ў маленькі камячок, пужліва стукае ў грудзёх, і сама яна адчувае сябе камячком маленькім, няпрыкметным. І ў Жэні так.

— Ужо трэці раз прыяджаю сюды, а як зьлезу з цягніка, увайду сюды, дык і здаецца, што вось-вось нешта расьцісьне мяне.

— І мне страшна…

«Мо’ і мяне расьцісьне тут, хто ведае. На рызыску я паехала сюды адна, без усяго. Ці-ж я здолею пражыць?

…Страшна, ня ведаю чаму так. Я ніколі, нідзе ня была».

Цётка Жэні мела ў горадзе краму, распачынала ганаль, жыла багата. Жэню спаткала проста, потым зьдзіўлена зірнула, як-бы поглядам спытала.

— А гэта хто такая?

— Гэта таварышка мая, паступаць прыехала.

Цётка працягнула Надзі пальцы, глянула на яе яшчэ раз і сказала расьцягнута, нібы так сабе:

— Паначуйце… хутка вы вельмі здружыліся…

А ў Надзі ад слоў гэтых і ад погляду Цёткі адразу ў камячок згарнулася радасьць, нарадзілася жаданьне ўцячы адсюль.

Спалі абедзьве на адным ложку. Пасьля дарогі спалася добра, і прачнулася Надзя толькі тады, як застукалі за сьцяною талеркамі і пачулася гамонка.

— Жэня прыехала?

— І сяброўку з сабой прывезла. Добра, што сама жыве, дык яшчэ і сябровак пачынае вазіць. У мяне не заежджы дом, трэба ведаць гэта.