∗
Зыкнуў, бразнуў стальлю-чыгуном цягнік, уздрыгануў ад натугі, рушыўся, і паплылі насустрач поле, лес, хмары, слупы, зьвязаныя дротам. Паціху дрыжэў вагон, наганяў дрымоту, нараджаў нейкі, невядомы да гэтага настрой, пачуцьцё поўнага адзіноцтва. Надзя прыліпла да шыбы вагоннага акна, твар рукамі падперла і, гледзячы, як беглі насустрач лес, слупы, як плыла назад зямля, хацела адгадаць, што будзе з ёю заўтра. Пад вагонам ціха гаманілі колы з рэйкамі, і ў гамонцы іхняя чула Надзя нешта бадзёрачае, абнадзейваючае.
Доўга сядзела так, не адрываючыся ад акна, нішто не парушала яе напружанага ўзьнятага настрою.
На другой лаве, насупроць Надзі, сядзіць дзяўчына яе год, хусткай галаву абматала, абапёрлася на клунак локцём і таксама праз акно сочыць вачмі за ўсім, што бяжыць насустрач, і за Надзяй сочыць. Надзі хочацца зачапіць яе, хочацца падзяліцца з ёю радасьцю.
— Вы далёка куды едзеце?
— У Менск. На рабфаку вучуся там. Была дома лета, а зараз на заняткі.
— А я таксама на рабфак, паступаць.
— Позна-ж ужо.
— Я не магла раней. А-мо’ прымуць, я так хацела ехаць.
І паліліся словы аб мінулым, хатнім, як нарадзілася жаданьне вучыцца, як паехала. Гаварылі абедзьве аб адным. У абедзьвюх так багата агульнага. Усё выка-