У памяшканьні АНА было гэтак сама цесна, душна. На лаўцы сядзеў той, з значком. Надзя ціха падышла да стала, і калі ўзяла ў руку дакуманты, ціха, каб ня чулі другія, запытала:
— Я прашу дапамогі чатыры тысячы. Мне ячэйка 25 тысяч сабрала, а білет 29 каштуе. Я прашу вас дапамагчы.
Паківаў галавой.
— Няма. Ня можам даць. Наступны хто?
— Дык як-жа будзе? Таварыш, я-ж не магу паехаць. Сваіх я ня мела, мне ячэйка сабрала 25 тысяч, а прашу ўсяго чатыры. Не магу-ж я з-за гэтага назад ісьці за сорак вёрст.
— Хоць і адну прасеце, дык няма. Ня можам даць.
Адвярнуўся, пачаў гаварыць з другімі.
— Таварыш, я прашу, зразумейце…
— Не, не, не, магу, ня ведаю ведаю я нічога.
Яшчэ некалькі сэкунд стаяла на месцы. На яе ўважліва глядзеў той самы мужчына са значком. Яна сьціснула ў жмені нязгорнутыя дакуманты, адышла да дзьвярэй, але спынілася. Мужчына са значком падняўся з лаўкі, падышоў, пачаў пытацца, куды едзе, чаго, ласкава загаварыў.
— Я сам у Маскве вучуся, калега, значыцца. Вучуся і служу, інакш не пражыць студэнту… Вам усёроўна, дзе вучыцца, — у Маскве ці ў Менску. Без знаёмых, без дапамогі вам не пражыць, а ў нас адна сям’я, мы прымем вас у колектыў студэнцкі, едзьце з намі. Я памагу купіць білет і там здолею памагаць,