Бацька ўстаў з лаўкі, парываўся нешта казаць, але язык не варочаўся. Маці пачала няўпэўнена адгаварваць.
— Хоць-бы ж ты пачакала трохі, мо’ ў мястэчка зьезьдзілі-б, грошай-бы далі.
— Некалі чакаць, ужо і так позна. А грошы ня трэба, заеду, не прападу, не маленькая.
Нэрвуючыся, завязала клунак, апранулася, як у дарогу. Бацька нярухома стаяў на адным месцы.
— У такую пару ехаць! Прапасьці! Голад-жа, грошай няма… Куды гэта ты надумалася? Ня пушчу, не паедзеш ты нікуды!..
— Вучыцца паеду, сказала раз і годзе, не маленькая. Узяла клунак у рукі, падышла да мацеры.
— Дык іду я, разьвітаймася, мама.
Маці абхапіла за шыю, заплакала, запрычытала…
— Пачакала-б, дачушка, хоць трохі яшчэ, куды-ж гэта ў людзі пойдзеш адна, як кол, голая. Прападзеш, застанься…
— Не паедзе яна нікуды, бацькоў ня пытала…
Падышла да бацькі.
— Не паедзеш, кажу, я, сядзі дома, пасьпееш яшчэ!
Голас нерашучы, дрыжачы…
Моўчкі глянула на бацьку, пакланілася і пайшла з хаты.
— Сказала, еду — значыць еду, не затрымаеце сілай. Няма чаго чакаць, седзячы дома.