Даўно перасьпявалі пэўні. Ад надышоўшага раньня пасьвятлела ў хаце. Заварушылася на ложку маці, устае.
«Трэба ўставаць. Скажу, што еду, разьвітаюся пайду».
Пачаў уставаць і бацька.
Надзя хуценька ўзьнялася, апранулася. Рабіла ўсе моўчкі. Моўчкі завіхалася маці ля печы, зьдзіўлена пазірала на клунак, на Надзю, мерылася спытаць нешта. Бацька хмурны ціха ладзіў хамут.
Усім хацелася загаварыць, і ўсе, пакуль-што, маўчалі, чакалі, хто першы пачне.
— Ці ёсьць, мама, сала яшчэ, я на дарогу ўзяць хачу.
— На дарогу? Куды-ж гэта ты?
— Я сёньня еду ў Менск, вучыцца.
У мацеры левая рука мэханічна адшукала ў камешніку ёмку, патрымала і паставіла зноў. Бацька адклаў хамут ад сябе і ня кратаўся з месца. Разам запыталі.
— Чаму-ж раней нічога не казала?
— А што казаць яшчэ, хіба ня ведалі, што хочу вучыцца?
— Ведалі. Хто ведаў? Ты-ж, як мармоль той, ходзіш, дома ні слова. Куды гэта ты паедзеш у такі час, прапасьці?
— Пачакала-б трохі…
— Годзе чакаць, насядзелася дома. Можна ехаць зараз, дык і еду, не прападу, цэла буду.