нікому з тых часоў, як пакінула школу калісь у мястэчку і да сёнешніх дзён. І цяпер жыла толькі гэтаю думкаю.
З вечара ў Язэпавай хаце доўга гарэў на комінку корч. Даўно ўжо спала сям’я, а Надзя на заслончыку пераглядала бялізну сваю, вопратку, лапіла, дзе трэба, і складала ў адзін клунак, каб заўтра з самага раньня быць гатовай у далёкую дарогу рабфакаўскую.
Лягла яна позна, але ня спалася… Дый хіба магла яна спаць у такі час, калі ведала, што заўтра едзе ў дарогу, што заўтра дасягне тае мэты, да якой столькі імкнулася.
Ляжыць на ложку Надзя, жмурыць вочы, успамінае, як ехала з такім вось самым жаданьнем, з такой надзеяй у сэмінарыю і таксама ўпэўнена была тады, што будзе вучыцца; успамінае, як балюча, крыўдна было варочацца дамоў, але зараз ня было, як тады, трывожнай думкі, а была цьвёрдая ўпэўненасьць — паеду і буду вучыцца.
Спрабавала задаць сабе пытаньне: а што, калі і зараз ня прымуць, як тады? І на гэта пытаньне ўсплываў гатовы адказ: «Не, так ня можа быць зараз, ня тыя часы. Не малакроўная я. Магу працаваць, значыць, і вучыцца здолею. Не паеду назад, што-б ні здарылася! Цяпер ня тыя часы, ня тыя, ня тыя»…
І ўжо ўяўляла сябе ў цягніку, потым у нейкім незнаёмым вялізным пакоі сярод незнаёмых людзей, і ад уяўленьня захаплялася радасьцю, нязнанай да гэтага.