Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пальцаў бегла бесконца нітка кужэльная, намотвалася радкамі на шпулю, а вакол сэрца намотваўся смутак ціхі, нікому нявыказаны, балючы… Думкі роіліся ў галаве, краталі сэрца пачуцьцямі рознымі, жаданьнямі, шукалі выйсьця жаданьні і, не знаходзячы, больш ціснулі сэрца.

За вокнамі вечарамі зімовымі плакалі мяцеліцы, ня відаць было за сьнегавымі хмарамі сьцежак, дарог. Нехта злосны, страшны хадзіў у полі, па вуліцы, слухаў пад вокнамі, бразгаў трывожна вакяніцамі… і здавалася, што ніколі-ніколі ня будзе канца зіме, мяцеліцы…

Надзя слухала мяцеліцу, слухала думы свае, чакала, глядзела, а мо’ блісьне промень надзеі, і ня бачыла…

Плакалі мяцеліцы, густа сыпалі сьнегам, засыпалі нізенькія хаткі Мачульскія. Нараджаліся ў Надзі думкі адна за другой і зьнікалі. Праходзілі дні, запоўненыя марамі, жаданьнямі, падзеямі і толькі павялічвалі сум мінулага, перажытага…

Прыйшлі дзіўныя дні.

Сотні год не мяняўся зьмест жыцьця мачулянцаў, ні разу раней ня бачылі мачулянцы такіх дзён, ня чулі нават. Жылі па-свойму: хлебам, зямлёй, працай, падаткамі. І ўсе думкі іх, усе гутаркі, усе надзеі, усе жаданьні былі пераплецены з разуменьнямі — хлеб, зямля, праца, падаткі. І цераз хлеб, цераз зямлю, цераз працу і падаткі былі яны трохі зьвязаны з