так жаласна гудзе? чаго ноччу птушкі ў лесе паціху пераклікаюцца?» А адзін раз ля лесу, на поплаве, прылажыла вуха да зямлі, слухала доўга-доўга, — мы якраз сена грэблі ў той час, а потым і кажа: «Слухала я, мамачка, зямлю, стогне зямля, як хворы чалавек, цяжка стогне». — А то, — грэх мо’ і казаць? як пачну я маліцца, дык яна і пытае: — «А ці бачыла ты, мамачка, сьвятых, чаму ты ім гаворыш, гаворыш, а яны ані слова табе? — А летась-жа — чуць не утапілася. Убачыла нейкую кветку ў рэчцы і палезла за ёй, кажа — ня бычыла я такой кветкі нідзе раней… Хто яе ведае, кумачка, што з ёй такое? Я і зарок тройцы давала, і на старцоў…
— Дасужая дзеўка, надта ўжо дасужая.
І ківае галавою суседка.
— Дасужая, гора мне з ёй!
— Затое, як вырасьце, — не прападзе, усюды знойдзе сваю сьцежку.
— Ці-ж вырасьце? Хіба выжыве такое? Кажуць-жа людзі, што ўсе дзеці разумныя ды дасужыя на сьмерць толькі раджаюцца.
— Крый божа, мала што кажуць людзі.
— Ды так, але хто-ж яго ведае, ці-ж угледзіш за ёй, такою, ці-ж утрымаеш у хаце!..
Яшчэ доўга стаялі суседкі, гаварылі пра Надзю, а яна сядзела на купіне ля раўчука, пазірала на пазалочаны край сіняй хмары, на заходзячае чырвонае сонца і жмурыла вочы, каб рассыпаць у іх сонца