Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пакой… Довід хацеў падтрымаць, але яна ўзяла яго руку і адвяла ўбок…

— Ня трэба, пакіньце мяне адну…

Зьдзіўлены і зьбялелы стаяў у калідоры Довід.

Задзіраста брынкала на старым піяніно полька.

У пакоі Соня заперла на замок дзьверы і, не распранаючыся, кінулася ў ложак, — схавала твар у падушку… А навокал яе кружыліся карагодам нейкія незнаёмыя, скрыўленыя твары, стол, паліто, боты, убраньні, шафа гаспадарская з пасудаю і ўсё гэта крычала: што выбіраеш? што выбіраеш?

Соня моцна сьціснула рукамі скроні, глыбей схавала ў падушку твар, сьціснула зубамі навалку падушкі і сама сабе глуха крыкнула: ня дам! нічога ня дам! ня дам!..

У пакоях гаспадара змоўкла полька.

Госьці пачалі разыходзіцца. У кандэлябрах мядзяных дагаралі ўжо сьвечкі, а Зэлда Язэпаўна яшчэ доўга і ўпарта штосьці шаптала мужу…

За акном слаўся ціхі сьнег.

Студзень 1929 г.
в. Пацічова.