Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Праўда, я ня спэц, — казаў ён сакратару ячэйкі і дырэктару, — але я шмат чытаю, хачу працаваць і ведаю, што, падвучыўшыся на практыцы, здолею прынесьці заводу карысьць. Перавядзеце…

— Дырэктар-жа даводзіў, што гэта будзе дорага каштаваць, бо ў лябораторыі другога падручнага ня трэба.

— Дык назначце хоць чорнарабочым, я памагаць буду, абы бліжэй да лябораторыі…

Сакратар ячэйкі шукаў компромісу, але дырэктар ні зашто ня ішоў насустрач.

Вечарам позьнім Саламон доўга блудзіў па горадзе. Ён выйшаў з дому бяз мэты. Хацелася пераканаць сябе ў тым, што нічога ня выйдзе і што трэба справу з лябораторыяй адкласьці. Але ніяк ня мог вытлумачыць сабе няўважлівых адносін да сваіх заяў з боку дырэктара.

«Я толькі гэтым жыву… Чаму-ж ня пушчаюць мяне да ўлюбёнай працы? Чаму ня хочуць, каб было ня дваццаць сем, а трыццаць два ці трыццаць пяць фунтаў? А гэта-ж зусім рэальная справа, пра гэта упарта гавораць кнігі. Хоць-бы фунт на пуд, дык і то гэта дасьць каля сотні лішніх пудоў дражджэй у месяц, больш тысячы пудоў за год. А магчыма-ж і пяць фунтаў на пуд. Гэта цэлыя тысячы пудоў новых, дадатковых пудоў дражджэй!»

Ён аніяк не разумеў, чаму ня хочуць даць яму магчымасьці заняцца досьледамі, каб формулы, пазнаныя з кніг, ператварыць у рэальнасьць. Ён-жа здо-