Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Пасьля такіх спатканьняў з майстрам Саламон вечарамі браўся за кніжку і адаляваў адну за другою хэмічныя формулы і з кожным посьпехам яшчэ мацнейшым было жаданьне ператварыць іх у жыцьцё.

На вытворчай нарадзе, падагрэты кніжкамі і Супронам, Саламон выступіў і пачаў даводзіць магчымасьць павышэньня процанту карыснасьці сыравіны, нават пры існуючым процэсе працы толькі пры маленечкіх палепшаньнях абсталяваньня.

Дырэктар і адзін з майстроў выступілі супроць… Яны даводзілі, што бліжэйшая пэрспэктыва заводу не ў павышэньні процанту вырабу з пуда сыравіны, а ў пытаньні продукцыі, шляхам пераабсталяваньня, якое дасьць магчымасьць паскорыць процэс вырабу адзінкі дражджэй. Падвышэньнем-жа процанту карыснасьці адзінкі сыравіны, — казалі яны, — зоймемся праз некалькі год.

Ніхто Саламона не падтрымаў. А ноччу яму сьнілася, што стаіць ён над прабіркамі і шклянкамі ў лябораторыі, патроху штосьці па чарзе падбаўляе ў іх, згодна завучаным формулам і растуць ад гэтага ў прабірках, шклянках, бутэльках, коўбах дрожджы, вырастаюць у нешта вялізнае, выходзяць з прабірак і шклянак і запаўняюць усю лябораторыю. Саламон ускрыкнуў ад радасьці і абудзіўся ўспацелы…

Жаданьне працаваць у лябораторыі зрабілася хворасьцю.

Ён пачаў упарта дабівацца свайго…