Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

папоўз разорай, ня ведаючы куды, змучаны, дрыжучы ад страху і стомы… Поўз доўга, без адпачынку… А трывога расла і расла…

Ужо блізка лес… Вось поплаў… Выпаўз з жыта, глянуў пужліва ўперад, па бакох і зноў папоўз, баючыся ўзьняцца, каб ня зьмецілі…

Лес…

«Уцячы, уцячы, уцячы… — шапталі без канца губы».

«Цішэй, каб не пачулі свае, яны недалёка».

Прапоўз ціхенька яшчэ з паўсотні мэтраў па лесе, прыпыніўся паслухаць.

У лесе аніводнага гуку, толькі гоман працяжны, ціхі ўгары…

Падняўся і пайшоў. Прайшоў яшчэ крокаў дзьвесьце, зьняў вінтоўку і патранташ і кінуў пад хвою.

Шавяльнулася дакорам думка, што бачыў белых і не сказаў сваім. Успомніў дакоры суседа па акопу.

«Можа пайсьці, вярнуцца?»

Але холадам падыхаў страх перад небясьпекай быць забітым, і перапалоханае сэрца яшчэ мацней выстуквала:

«Уця-чы, уця-чы, уця-чы»…

Хацеў апраўдваць сябе.

«Я не магу тут… Ня здраднік я, але не магу, мучыць мяне. Абы куды, абы ня тут»…

Палахліва прыслухоўваючыся да тупату сваіх ног і да стукаў сэрца, крочыў уперад, ня ведаючы дарогі, — абы туды — у глыб лесу, абы далей ад фронту…