— Яно то так, але зразумейце самі, хіба-ж гэта тое самае? Тут можна займацца толькі маленькай справай, а ў мяне сіл, адданасьці хапіла-б і на вялікую! Да беспартыйнага недаверлівасьць, насьцярожанасьць вечная да яго, а мяне мучыць гэта.
— Партыя верыць беспартыйным, якія давялі…
— Але вы не разумееце, Соф’я Навумаўна, як гэта цяжка! Я ня ведаю, як другія, а ў мяне адна мэта — быць у партыі. Хай сабе хоць дзесяць год кандыдатам, хоць дзесяць год праверкі, — я ўсё вытрымаю, абы толькі ў партыі, абы бліжэй, каб болей зрабіць…
— Працуйце Довід Абрамавіч, працуйце, заваёўвайце права быць у партыі сваёй работай…
— Я заваюю!
А гаспадыня паказвала ў пакоях мэблю, убраньні.
— Мы так бедна жывем, так бедна. Ужо ўсё старое, усё трэба зьмяніць.
— Гэта вы дарэмна, вы жывяце добра яшчэ…
— Ну, дзе яно добра? Усё такое старасьвецкае. Другія жывуць у аднэй раскошы, а ў нас ва ўсім недахват. Адно толькі, што мы савецкія людзі: ня гонімся за гэтым, жывем, як прыходзіцца.
Пілі гарбату. Потым адсунулі стол да сьцяны, Зэлда зайграла на старым папсаваным крыху піяніно вальс. Соня закружылася ў вальсе з Довідам. Гэта так прыемна! Ён асьцярожна рукой трымае, ледзь датыкаецца яе стану і ў той-жа час моцна горне ўсю