Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

пакоі і думаў аб гэтым, толькі-што бачаным жыцьці і жыцьці на заводзе.

У Саламона быў свой цьвёрды, непарушны лад думак аб жыцьці. Ён цьвёрда верыў у канечныя мэты, пастаўленыя партыяй, рэволюцыяй, Ён яскрава ўяўляў гэтае будучае жыцьцё і нават фізычна адчуваў кавалкі яго ў сёньнешнім: бачыў яго ў канавах раскапаных па горадзе, у кінутых па вуліцах трамвайных рэйках і ў рыштаваньні новых вялікіх камяніц, бачыў яго штодня і ў газэтных радкох, якія нясуць радасныя весткі аб ідучым новым жыцьці, з усіх куткоў Беларусі, Саюзу…

Вось яно, перад вачыма, вялізарнае, неабсяжнае ў сваіх мэтах…

У імя яго лепшыя з людзей у мінулым тысячы вёрст зьвінелі кайданамі аж да сібірскай тайгі. У імя яго гінулі тысячы маладых, прыгожых жыцьцяў у каменных мяшкох царскіх астрогаў, турмаў. Толькі ў імя яго! А сёньня вось гэтае бруднае шумавіньне дробязяй імкнецца засланіць сабою вялікія кавалкі растучага новага ад многіх тых, хто прывык не тварыць жыцьцё, а браць яго ўжо правераным, гатовым; хто, забыўшыся аб зусім нядаўнім яшчэ страшным мінулым, патрабуе новага жыцьця поўнасьцю, безадкладна, сёньня-ж…

І з гэтым зьяўлялася ў Саламона і расло жаданьне ўсё аддаць, усё зрабіць, каб толькі хоць на адзін крок яшчэ наблізіць так ясна бачаную ім будучыню…