Заходзячы п’яным у хату, ён заўсёды насьмешліва неяк кланяўся Саламону і пытаў:
— Як жывеце, маецеся, ваша мосьць?
Саламон прызвычаіўся да гэтага 1 адказваў адным словам.
— Добра!
— Добра? Чаму-ж не, добра? А ці ня чуў што-небудзь новага па горадзе, людзі вы адукаваныя, фабрычныя? Ці ня ведаеш, чаму людзей морыць улада ваша, маць яе растак!..
І плявузгаліся словы агідныя, злосныя. Гаспадар стаяў, варочаў зрэнкамі вачэй, махаў кулакамі ў Саламона перад тварам і бясконца гаварыў. Ад яго несла прыкрым пахам гарэлкі. За гаспадаром падымаўся з лаўкі сусед і, нясьмела тупаючы ззаду, устаўляў свае словы:
— Так, так, ніякага парадку!
Гэта надавала сьмеласьці гаспадару і ён плявузгаў далей.
— Запомні і скажы ім усім, што наш чалавек — рабочы, — пры гэтым ёй паказваў на суседа, — ня хоча такога парадку; скажы ім, што партыя ваша, маць яе… людзей у магілу гоніць такімі парадкамі. Ніколі гэткага ня было, каб гандляры ўсё пахавалі… Скажы, што я ўсіх комуністых парэжу, хай толькі дадуць мне права! Я не баюся. Ідзі заяўляй, пакліч міліцыю і скажы, што фэльдфэбель гвардыі яго вялікасьці Паскудзін незадаволены парадкамі вашымі… ідзі, ідзі!.. Я рабочы; хто мае права мне што-небудзь зрабіць?..