злосьці, стоячы ў чарзе, разбурылі, разьбілі коопэратыў і што рабочыя з разьніцы пабілі іх за гэта. І ўсё охкае, охкае…
— Ох-хо-хо, ох-хо-хо, — што-ж гэта будзе? што гэта будзе? Нацкавалі людзей адзін на аднаго, б’юцца людзі, а хто вінаваты, хто вінаваты…
Цягнецца яе плаксівая, дакучлівая размова і нікуды ад яе не ўцячэш; яна прытупляе мазгі, аблытвае думкі.
— Ой, ніколі мы ня ведалі жыцьця такога! Хлеб па сем рублёў пуд, а казала на рынку знаёмая яўрэйка (яны-ж усё ведаюць), што ў другіх мясцох ужо і па дзесяць… гэта-ж, ня дай бог! А на рынку сёньня бульбу ў чалавека адабралі, што дорага запрасіў, і ўсю расьцягалі, раскідалі…
Ведае Саламон, што дзевяць дзесятых з яе слоў — гэта хлусьня, плёткі абыватальскія, перапалох, але як слухае, дык ня можа спакойным быць, бо яны глушаць думкі, прытупляюць мазгі…
А вечарамі прыходзіў з суседам п’яны гаспадар. Зімой ён мала зарабляў: з сякерай па рынку хадзіў — дзе дроў наколе, дзе што іншае невялічкае зробіць, але акуратна прапіваў значную долю і гэтага заробку. Зараз вясна, працы многа, больш грошай і ён п’е больш…
Саламона гаспадар, — як хлапца з заводу, крыху баяўся, глядзеў на яго ў некаторай ступені як на прадстаўніка ўлады; але кожны вечар быў злосны, усю злосьць пераносіў на ўладу і выліваў яе Саламону,