ціў яго і рыхтуецца кінуцца ззаду, схапіць і задушыць, ці пракалоць штыхом. На плячах, між лапаткамі, балюча заныла, нібы туды ўжо калолі. Уявіў, як лезе ў цела штых, адчуў балючасьць і чуць ня, крыкнуў ад страху. Разумеў, што трэба зьняць з пляча вінтоўку, нарыхтавацца да стрэлу, але ня мог паварухнуцца, скрануцца з месца.
«Назад, назад… Не пайду далей, хай што хочуць робяць»… «Хут-чэй, хут-чэй ад-сюль, уця-чы, уця-чы» — выбівала ў тахт думкам напалоханае сэрца.
І, ня маючы сіл ісьці, сагнуўся і накарачках папоўз мяжой назад. Спатыкаўся рукамі аб каменьні, зьбіваў аб іх калены, калоў рукі дзікай межавой травой. Перашкаджала паўзьці вінтоўка, павіслая на руцэ, наступаў на яе каленамі, але поўз і ўсьлед паўзла трывога, здавалася, гоняцца за ім сотні нябачных страшных ворагаў.
Ззаду на дарозе пачуўся тупат. Спыніўся, прыслухаўся.
«Коні. Едуць верхавыя».
Тупат ужо зусім блізка… Вось параўняліся, усяго праз некалькі загонаў… Хацелася трохі падняцца, глянуць, колькі іх, але ня мог адарваць рук ад зямлі, страх прыкаваў іх, абцяжарыў усё цела; так і прастаяў на карачках, пакуль ня сьціх тупат.
«Белыя. Значыцца, яны недалёка. Іх выведка».
Дапоўз да дарогі і замест таго, каб ісьці да месца, дзе свае акопы, перабег дарогу, зноў у жыта і хутка