∗
Праз пяць месяцаў Саламона зноў перавялі на работу да чопу. Але за гэтых пяць месяцаў, што ён прабыў на складзе, ранейшае жаданьне знайсьці сваё месца ў заводзе, — усё ведаць, усё зразумець, — вырасла ў жаданьне зрабіць для заводу нешта вялікае, карыснае, чаго яшчэ ніхто не зрабіў. Літаратура, якую ён перачытаў за гэты час, упэўніла яго ў тым, што пры ўмовах напружанай вучобы і практыкі ў лябораторыі, ён што-ні-што здолее зрабіць. Гэта зараз стала галоўным у яго жыцьці, у думках, стала адзінай яго мэтай.
Завод зрабіўся для Саламона невычарпальнай крыніцай ведаў і ўражаньняў. Дома, на кватэры, ён бывае пяпер рэдка. Там пануе жорсткасьць жыцьця неразумная, там яно губіцца ў дробязях бытавых; там няма людзей, з агульнымі для многіх мэтамі… Гэта балюча раніла яго душу.
Саламон жыў ужо на другой кватэры, — у рабочага-будаўніка. Ранейшая старэнькая гаспадыня памерла. А сучасная гаспадыня — чалавек злосны, жыве з ранку і да вечара охамі і гаворкамі аб суседзях, суседках, або чуткамі, якія ходзяць па рынку. Гэта — асалода душы яе.
Як толькі прыйдзе Саламон дадому, дык яна і пачне аб тым, што ў шостай харчэўні кухара ноччу зарэзаць хацелі, што ўчора на Камароўцы атруцілася маладая перад самым вясельлем, што ля разьніцы людзі ад