вічу, дальбог, на слова. І цяпер вераць. Сумленьне! Нічога Соф’я Навумаўна, што я, можа, і нэпман па-вашаму, па сучаснаму паняцьцю, але я сумленны чалавек, я, чым магу, пасабляю дзяржаве. І не таму, што і для свае карысьці гэта, не. Цьфу — для сябе! навошта для сябе! Я справай магу пасобіць сваёй дзяржаве і пасабляю! Паверце мне!
І Соні хацелася сказаць яму ў адказ нешта прыемнае.
Неўзаметку бег час… Ма стале зьявіліся ігрушы, яблыкі, вінаград, карты.
— Соф’я Навумаўна, вам, толькі вам гэтую галінку «дамскіх пальчыкаў». Вазьмеце.
І Довід асьцярожна за кончык трымае галінку, дае яе Соні.
Жартуючы, зьняла Соня карты. Гаспадыня раскідала іх па стале і вываражыла Соні — чарнявага валета, прыемныя весткі ў блізкім часе і нечаканае вялікае шчасьце ў будучыні. Ах, гэтае шчасьце! Зэлда Язэпаўна добра ведае шчасьце. Год дваццаць таму назад варажыла ёй старая цыганка ў мястэчку — збылося многае з прыварожанага і з тае пары цьвёрда верыць яна ў карты. Угаварвае верыць і Соню…
Соня сьмяецца, нібы жартуючы, згаджаецца, а ў самой недзе далёка, у нетрах душы хвалююцца нясьмелыя жаданьні і думкі.
«Няхай-бы і збылося… а мо’ і сапраўды будзе так, як карты паказваюць, чаму-ж…»