варыць, сьмяяцца. Невясёлае, нездаволенасьць сваю яны ад другіх схаваюць у пакоях, у цемры, каб ніхто і ня бачыў… А мы чуць гутарка, дык усё аб дрэнным, усё нездаволены.
Спакойна круціцца калясо іхных дзён, невялічкае, праўда, яно, але даволі памерам, каб умясьціць у сабе ўсе імкненьні, жаданьні, патрэбы іхныя. І часамі, адчувае гэта Соня, зайздросьціць яна ім.
«Чаму-б ня так?..»
Хутка гудок. Выпрастаецца заныўшая за дзень сьпіна, разагнуцца адзеравянелыя пальцы і Соня з другімі ідзе ў харчэўню. А потым або на сход, або ў школу, або яшчэ куды. Нават не памятае добра Соня ўсяго, — да таго томіць праца.
Напружыў грудзі завод, дыхануў яшчэ раз цяжка і раптам запяяў густа, працяжна гудок. Прыціхлі паперы, заварушыліся людзі, сыйшлі са звычайных месц, парушылі лад дзенны, загаманілі ўсе разам. Групкамі і адзінкамі выходзілі за вароты і губляліся ў канцох цямнеючай вуліцы.
∗
Зімнія вечары доўгія і адну ў пакоі сумота заядае. Злосьць і на пакой халодны, неабсталяваны, і на людзей… А за сьцяной галасы цягнуць сумную песьню.
Нехта пастукаў у дзеры. Увайшла гаспадыня.
— Адны вы заўсёды, Соф’я Навумаўна, — чаму ня зойдзеце да нас? Мы-ж людзі свае! Я сумысьля