Плывуць ціхія думы. Чохкае бесьперастанку за сьцяной рухавік, гудзяць машыны, дробна-дробна дрыжаць сьцены заводзкія, ціха шамацяць паперкі-абёрткі ў пальцах.
«… Цёплыя вялікія пакоі. На дзьвярох порт’еры ўзорныя з дарагога зялёнага сукна. На вокнах прыгожыя, вышытыя фіраначкі. Мэбля ў пакоях мяккая, аксамітам абітая, і ў пакоях ад гэтага ўсяго спакой ціхі, ласкавы, запрашае сесьці, адпачыць. Сесьці, закінуць на сьпінку крэсла голаў і ня думіць аб цяжкім дні за працай, а марыць аб другім нечым, лёгкім і радасным. У пакоі зьбіраюцца суседзі і пераз сьценку з другога памяшчаньня чутно, як яны час-ад-часу заліваюцца рогатам. Дагадваешся, што аб нечым вясёлым гавораць яны і тады хочацца да іх, хочацца парагатаць разам.
Увойдзеш, а на канапе сядзіць дачка гаспадара і суседка Ядзя: абедзьве ў дарагіх убраньнях; шэпчуцца адна з другой і прыцішна рагочуць. Ядзя-ж, калі рагоча, абавязкова сьцісьне кулакі і стукае сябе па каленах… А на крэсьле-качалцы, насупроць іх, раскачваецца ўзад і ўперад сын гаспадара — прыказчык унівэрмагу; а па пакоях і ў кухні хуткімі крокамі, у падбежку, ходзіць гаспадыня… І ніякіх у іх клопатаў аб жыцьці…
Чуецца і густы рогат гаспадара. Ён служыць у нейкім трэсьце… Хутка пап’юць яны гарбаты або кавы і пойдуць у кіно ці ў тэатр, а заўтра, пасьля абеду, зноў зьбяруцца і зноў будуць гэтакана весела га-