Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/154

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

— Каму?

— Ці тут жыве Хмарына?

— Тут, але яна цяпер на заводзе.

— Та-ак. Трэба асабіста. Скажэце ёй, каб абавязкава зайшла на пошту — не пазьней трох дзён. Ёй паведамленьне ёсьць, здалёку.

— Добра.

Зачыніліся дзьверы, бразнула завала. Бульбянік паправіў на плячы скураную торбу і пайшоў у цёмны завулак.

На заводзе было скарачэньне. Зьменшылі лік падручных пры майстрох каля чанаў, і Саламон папаў на склад чорнарабочым. Цэлых восем гадзін насыпае ён з вялізных засекаў у мяшкі ячмень, крухмал, кладзе з другім рабочым, старэйшым, мяшкі на вагу і адтуль на ваганетцы ідуць яны ў завод. За працаю ныюць плечы, ломіць сярэдзіну, мерзнуць пальцы, сінеюць. Холадна і самому. Апрануты Саламон у кароценькую ватоўку. Дубеюць ногі і холад ад ног разьліваецца па ўсім целе. Ад холаду ў Саламона пад носам дзьве сьветлыя цягучыя кроплі. Ён час-ад-часу моцна цягне носам паветра, кроплі зьнікаюць тады на хвілю і зноў зьяўляюцца. Тады Саламон нацягвае рукаў на далонь і, прытрымліваючы яго пальцамі, далёка заносіць перад сабою правую руку і рукавом абцірае нос.