ДАЛЯРЫ
Халодныя змрокі тысячамі таемных ценяў сходзяцца ў апусьцелым полі і паціху, разбаўляючы попельнай муцьцю адыходзячы сьветлы дзень, напаўзаюць на горад, уздымаюцца над зямлёй усё вышэй і вышэй.
Растаюць і зьнікаюць угары кавалкі белых хмар і расчыняюцца недасяжна-далёкія, неабдымна-вялікія, ціхія прасторы неба. І адтуль няпрыкметна, бесьперастанна цячэ на зямлю цёмна-сіні сьвет, поўнячы яе пішынёю чаруючай і прыгожасьцю.
Горад нібы вырас, узьняўся вышэй, напоены гэтай прыгожасьцю, ачысьціўся і неўзаметку апранаецца ў сярэбранае, пазалачонае — запальваюцца першыя агні.
На халодныя пліткі тротуараў а дахаў падаюць гучна кроплі вады, растае іней на стрэхах. Гучна, з кароткімі ляскамі, б’е аб каменьні бруку падкова: чок-чок… З блізкай ускраіны з заводу даносіцца ціхае гудзеньне мотору, то сьціхаючы на хвіліну, то пасіляючыся, і раўнамернае чохканьне машыны: чох-чох, чох-чох, чох-чох… Яму ўторыць водгульле вузкае вуліцы. У гудзеньні мотора і чохканьні машыны чуецца