∗
Пасьля цемры вуліцы яскрава сьвяціла лямпачка, нібы рада была, што прыйшоў ён вясёлы. За сьцяной было ціха, хоць сьвятло гарэла.
— Якім памёр, значыць, і нічога; заўтра жыцьцё ў гэтым доме будзе ісьці, як ішло, ня спыніцца. Я пайду — жыцьцё таксама будзе ісці ўперад, маё месца зойме другі, ён будзе лепшым і разумнейшым ад мяне, яму ня прыдзецца праходзіць майго шляху.
Думка аб тым, што сэрца скора адмовіцца працаваць, ужо зусім не непакоіла яго, яна не знаходзіла ў ім сабе месца, і Акуліч сам дзівіўся, чаго ён так спужаўся слоў доктара. Цяпер было адно жаданьне — больш пражыць, каб больш зрабіць.
Узоры на шыбах іскрыліся тысячамі маленькіх зорак ад падаючага на шыбы сьвятла лямпачкі. За акном чуўся яшчэ стогн ветру, ды чуваць было, як трэцца аб сьцяну і шыбы сваёй сьнегавой вопраткай адыходзячая зіма. З ласкавай усьмешкай пазіраў з портрэта Ленін.
— … Трубы ёсьць на заводзе, значыць, адпрацаваўшую пару зусім лёгка будзе адвесьці ў халадзільнік, гэта не багата будзе каштаваць, а завод захавае кожны дзень дванаццаць рублёў, значыць, за год цэлыя тысячы рублёў.
Па паперы бегаў аловак, выводзіў лічбы для заўтрага.
г. Менск.