мне ўсёроўна, я гуляю, каб здавальненьне мець, каб не сумаваць, як ты…
— Ня сум згоніш, а толькі згоніш душу такой гульнёй. Ну, ты сама скажы — ад сэрца, — ты знайшла здаваленьне? Поўнае здаваленьне можна знайсьці толькі ў карыснай рабоце для людзей і сябе.
— Як відаць, ты комуністы. Дык чаго-ж ты валачышся па нашай вуліцы ў такі час? Я папоў ня слухала і цябе слухаць ня стану. А сабе, калі карыснае зрабіць? Што мне людзі зрабілі? Яны мяне малой не пашкадавалі, мной карысталіся, дык і я іх шкадаваць ня буду. Хочу гуляць — і гуляю… Хіба ад мяне вы, вы мужчыны, не бераце карысьці? Яшчэ чагосьці захацелі, апрача самой! Хопіць, і гэтага ня варта было-б!.. Толькі ты вось знайшоўся — ня мужчына, а ануча. Другія толькі і ходзяць, каб узяць, пазьдзекавацца з цябе, ласкі патрабуюць. Лёгка гэта, скажы, усё жыцьцё пераносіць? Лёгка?
— Дык чаму ня кінеш гэтага, за працу ўзялася-б, цяпер можна гэта зрабіць?
— Цяпер за працу? Я расла без яе, расла гуляшчай. Не магу цяпер пакінуць, хоць і балюча часам, крыўдна. — Потым разам зьмяніла голас. — Затое весела, калі гуляю. Ну, ты сур’ёзны, сапсаваў мне толькі вечар. Вунь да яго пайду, гульну, каб на цябе забыцца. Бывай, я гуляшчая, не па дарозе нам. — Пайшла ўбок, дзе быў п’яны.
Паглядзеў усьлед ёй, падумаў.