Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/143

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

новую эпоху ў жыцьці, раскрыла будучым пакалёньням шырокі, сьветлы шлях»…

Раптам ён пачуў нейкія дзіўныя гукі. Нешта аднастайна паціху гудзела, а ў гэта гудзеньне ўрываліся другія адрывістыя гукі, як-бы чалавечыя галасы.

— Прайшоў уперад трохі і ўспомніў, што тут блізка ў дварэ завод, гудзе мотор, а галасы — сьпеў моладзі, перад сходам, пэўна.

Тут прастарней было ветру ў гэтым вялізным заводзкім двары. Ён залятаў сюды, круціўся па ўсіх куток і потым вырываўся зноў на вуліцу, разносіў бадзёрыя словы песьні і кідаў іх кавалкамі жалеза, адсякаючы ад аднаго вялікага кавалка.

Гудзе завод, а праз гудзеньне, здаецца, чутны стукі вялізнага малатка, якія словамі песьні рвуцца ў сэрца, уздымаюць чалавека.

…Мы ня дарма згубілі сілы,
Ня дарам стальлю мы грымім.

— Ня дарма трацім сілы, ня дарма, — як гэта проста і праўдзіва!

А адтуль ужо несьліся другія словы:

Бо сталь сваім магутным гулам
Рве путы цемры векавой…

Яму, стоячы ў гэтай цёмнай вуліцы сярод завываньняў ветру, здавалася, што чуе ён ня гудзеньне мотора ў будынку заводу і не завываньне ветру, а чуе, як грымяць і падаюць разарваныя путы. А малады, задзірасты голас імкнуўся ў неабсяжны прастор, хацеў, каб яго ўсе пачулі:

Куём мы шчасьце для народу…