— Плачам не паможаш. Так госпаду богу трэба, усе ходзім пад яго магутнай рукой… А мо’ яшчэ будзе жыць. Не гаруй. Выхоўвай дзяцей у веры божай, боязнасьці, маліся за яго грахі…
Акуліч дагадаўся, што стогне за сьцяной стары шавец Якім. Вясёлы быў. Ладзіў боты ўвесь дзень з песьнямі, а калі Акуліч прыходзіў на кватэру, Якім праз сьцяну пытаў, ці будзе ён што-небудзь чытаць, каб песьняй не перашкаджаць… Часта заходзіў паслухаць газэту і любіў пагаварыць аб сваім, багатым уражаньнямі жыцый. Цяпер ужо больш месяца, як Якім хворы. Гэта ён стогне, а другі голас — папа: прычашчаць прыйшоў. Сам Якім ня любіў папоў, але жонка надта набожная, яна і паклікала.
«Усё старую песьню цягнеш», падумаў Акуліч, «век аб пакорнасьці да боязнасьці людзям пяеш. А сам рад, што чалавек канае, траячку заробіш… Дык няўжо-ж Якім памрэ?» Разам з гэтай думкай холадам у цёмным пакоі абдалі словы доктара: — вы сёньня, я заўтра… «А мо’ і ня некалькі месяцаў засталося чакаць, а толькі некалькі дзён, можа доктар ня ўсю праўду сказаў?» Успомніў доктора, яго словы, і маленькі пакойчык здаўся халоднай дамавінай, нават пачуўся пах сьвечкі, што мерцьвяком даюць у рукі.
«Гэта-ж з-за сьцяны пах цягне», упэўніў ён сябе. «Усё-ткі жыць і ведаць, што праз некалькі дзён канец, — гэта нялёгкая справа, моцную волю трэба мець, каб не звар’яцець», разважаў ён з сабой. «Сёньня жыву, а заўтра мо’ канец. Усё так проста, і ў той-жа