Глянеш, — чаго дабіліся. Малатарня — любата адна, ды трыер адрамантуем хутка і завязем… Паедзем!
∗
— Добра, добра, абавязкова паедзем.
Цалкам захоплены жыцьцём, Акуліч ішоў па вуліцы. Ён зусім забыўся на тое, што сёньня быў у доктара, што ў кішэні ляжыць папера, напісаная доктарам. Неўзаметку для сябе падышоў да месца, дзе жыў, і ўспомніў, што заўтра на заводзе вытворчая нарада, да якой ён павінен падрыхтаваць нейкія матэрыялы.
Вялізны драўляны двохпаверхі дом кідаў на вуліцу праз вокны сьвятло электрычных лямпачак, і толькі яго пакой чорнаю плямаю акна пазіраў у двор. Акулічу паказалася, што там, дзе сьвятло — цёпла, прыемна, а адсюль нібы вее пустэчай і холадам.
У невялікім пакойчыку столік, на ім кніг поўна, ля сьцяны ложак. На сьцену, дзе былі розныя карткі і портрэт Леніна, падала сьвятло з акна суседняга дому праз двор.
Уваходзячы ў пакой, ён думаў адпачыць трошкі, пасядзець, а потым узяцца за работу. Але адразу яго ўвагу зьвярнуў на сябе чыйсьці стогн за сьцяной. Сьцяна з дошчак, паперай газэтнай абклеена і праз яе усё чутно.
Ён чуў, што стогне мужчына, а паміж стогну быў чуцён сьлязьлівы жаночы говар. Жанчыну сьцішаў другі мужчынскі голас.