Жыцьцё ня ішло-б уперад, не разьвівалася-б, а пачалася-б абломаўшчына. А так чалавек незадаволены тым, што ёсьць, большага хоча, да лепшага імкнецца, перамагае прыроду, перарабляе грамадзкі лад і дасягае лепшага… Першабытны чалавек нічога ня ведаў, зямлю палкай калупаў, а ў нашы часы — трактар уздымае глебу, трактар, які зроблены такім-жа чалавекам. Ад палкі да трактара — які гэта доўгі шлях і па гэтым шляху, каб разлажыць яго перад намі, выразна можна было-б прасачыць гісторыю чалавека, Трудны і прыгожы шлях. Шмат зрабіў ужо вось гэткі маленькі чалавек, а і колькі яшчэ зробіць? І гэта ўсё ў імкненьні да лепшага… Быць усім здаволеным можа толькі абываталь-мешчанін, якому, апрача сваёй хаты, печы, ложка і кіндзюка, да нічога іншага справы няма.
— Вы ня зусім мяне зразумелі: я хацеў сказаць, што адзін чалавек можа і мала гадоў пражыве, але прыгожа і карысна, бо многа зробіць для грамадзтва, а другі доўга жыве і ўсё неўзаметку, усё ў душы сваёй калупаецца, — праказаў доктар. — Хто жыве ня толькі для сябе, той больш захапляецца жыцьцём і бачыць у ім больш прыгожага. Цяжка прыйсьці да гэтага чалавека і сказаць: ну, браце, рыхтуйся, табе ўжо трэба адсюль ісьці. — З гэтымі словамі доктар палажыў руку на плячо хворага. Зрабіў ён гэта мэханічна. А хворы пачуў, нібы да яго голага пляча дакрануліся кавалкам халоднага жалеза, і ад гэтага пачуцьця несьвядома адхіліў плячо, Доктар заўважыў гэта і зьняў руку.
— Значыць?..