Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/122

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вось-вось угадае яна аб усім і пачне біць яго, грызьці зубамі за сына.

На дварэ пасьвятлела ад узышоўшага месяца. Месяц сьвяціў, прарываючы рэдкую муць пярэстых хмар. З-за іх дзе-ні-дзе праглядаюць рэдкія, на пасьвятлеўшым небе, зоркі. А Халімону хочацца, каб было цёмна, каб ня бачылі яго твару, не пазнавалі. І ён нахіляў голаў да зямлі ўсё ніжэй і ніжэй. Гаспадыня, сагнуўшыся, чакала, пакуль ён аддасьць кварту. Гаспадар моўчкі завярнуўся і пайшоў у хату. Хрыпла зарыпалі дзьверы сянец, бразнула гучна крамка.

Халімона апанаваў страх, што вось зараз гаспадыня пойдзе, і тады ён не пасьпее сам расказаць ёй аб усім. Лягчэй прызнавацца ноччу.

— О-ой!

— Шо з табой, баліць? Мо’ завязалі цесна?

— Не… Там ён, на дарозе. Мо’ жывы яшчэ.

— Хто?

— Ільля ваш. Ільлю забілі. Ня я, — яны забілі.

— А-а-а-ай, ратуйце! божачка!

З хаты выбег спужаны гаспадар. Гаспадыня выпрасталася, схапілася за галаву рукамі, акамянела.

— Што ты, што такое сталася?

— Іль-лю-у забілі, яны!

Халімон парываўся ўстаць, хацеў апраўдвацца перад бацькам забітага сына.

— Чалавеча! Ты забіў, а?

— Мо’ жывы яшчэ, ідзеце… яны ўсё, павялі мяне.