— А то-ж чаго ён тут будзе ноччу?
Халімон дрыжэў і гаварыў, сам не разумеючы сэнсу сваіх слоў.
— Я не вінаваты. Прыйшлі яны і павялі мяне… Кароў я шукаў, Загубіліся.
— Хто павёў? Абрэз чый?
— Якія там яшчэ каровы? Даць яму, дык прызнаецца. Праз такіх вось ні дня адпачынку! Сволачы…
— Куды вадзіў іх, кажы!
— Не вадзіў… Самі яны… Ня беце…
— Вядзем у хату, дапросім.
Халімон ішоў моўчкі, спатыкаўся. Было страшна, што вось прывядуць у сваю вёску і ўсе пазнаюць, тады, што ён бандыт, а заўтра знойдуць Ільлю і яго будуць судзіць, як забойцу, бандыта. «Унячы?»
Нехта папярэдзіў гэтую думку.
— Ня думай уцякаць — на месцы ўложым.
Прыйшлі ў другую з краю хату, дзе было сьвятло.
Зьдзіўлена глянулі на ўвайшоўшых гаспадар і ўсе хатнія. Халімон стаў моўчкі ў парозе, нават не прывітаўся.
— Што гэта?
— У бандыты паступіў. А такім ціхім здаваўся!
— Мо’ так чалавек чаго? Халімон, ці-ж ты?
А Халімон ня можа адказваць. Па яго віне забілі сына, а тут бацька нічога ня ведае і ня верыць, каб ён мог гэта зрабіць, каб мог стаць бандытам, і заступаецца за яго. Хацелася усё сказаць проста, ва ўсім