«Мо’ чалавек які ідзе, хіба мала людзей па дарозе ходзіць».
І пайшоў паціху ўперад. Вачыма абмацваў дарогу, але нічога ня бачыў. Уперадзе, узьнімаючыся з зямлі, стаялі тоўстыя хвоі. Набліжаючыся, ён адрозьніваў іх ад густа абступіўшага хвойніку і тады рабілася крыху сьмялей. Успаміналіся да дробязяй гэтыя, бачаныя ня раз удзень, хвоі.
Але зноў пачуўся кашаль і говар.
«Людзі ідуць, чаго баяцца».
І хацелася хутчэй спаткацца з людзьмі, — было сьмялей…
Раптам убачыў дваіх з вінтоўкамі. Зразу дагадаўся, хто гэта…
«Уцякаць? Позна».
Ногі дрыжаць. Дрыжыць ад незнаёмага холаду ўсё цела. Ведае, што калі бегчы, дык недалёка ўцячэ, — або падстрэляць, або проста дагоняць і будуць біць, а так мо’ яшчэ і нічога. Адзін загарадзіў дарогу.
— Куды ідзеш?
— Дахаты!
— Чаго брэшаш? У горад? Комсамолец?
— У які горад? Дадому іду я, у Хацінава.
— А што з табой ёсьць?
— Нічога, — глядзеце.
Разьвёў у бакі рукі.
— Нічога? — паглядзім.