Перайсці да зместу

Старонка:Хочацца жыць (1930).pdf/113

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Ішоў хутка. Стараўся да ночы прайсьці хвойнік, дзялянкі, бо далей поле — сьмялей… Насустрач, схаваныя ў ценях змрокаў, паўзьлі адзінокія палосы нязжатае грэчкі, парослыя кустамі алешніку межы, а за імі, здалёку, цёмнай, нямой сьцяною набліжаўся лес. Дзесьці далёка застаўся ціхі брэх сабакі, згубіўся ў полі нечы голас, што гукаў зблудзіўшую карову, і наўкола немая цішыня. І ў цішыні чорнай гадзюкай падпаўзаў усё бліжэй і бліжэй, шыпеў тысячамі начных галасоў, хвойнік. Ільлі нібы пачуліся: нечы сьвіст, гамонка ціхая, перакліканьне. Ён уважліва прыслухоўваўся да гукаў, стараўся нячутна ступаць нагамі, каб усё чуць самому, а ў галаве расла трывога, і рука час-ад-часу абмацвала схаваны за пазухай маленькі ліст. Каб расьсеяць трывогу — ён думаў аб сенажаці няскошанай, аб вечарынках… Патроху зьмяншалася трывога, думы сталі раўнейшымі, спакойнымі.

У лесе было зусім цёмна, — хоць вока выкалі. Ногі асьцярожна ступалі, каб не зачапіцца за карэньні, шуршэла пад нагамі ўсланая ігліцай зямля. Шапацеў тысячамі гукаў лес, і ўвага зноў кружылася наўкола лісту.

Уперадзе нехта ціха кашлянуў. Забілася ў грудзёх спужанае сэрца. Прыпыніўся.

«Схавацца»?

Чутно, як стукае сэрца. Плечы ахапляе холад. На галаве пад шапкай страх варушыць валасы. Пачаў супакойваць сябе.